ФАРМО́ВАЧНЫЯ СУ́МЕСІ,

сумесі, з якіх на фармовачных машынах або ўручную вырабляюць пясчаныя ліцейныя формы. Складаюцца ў пэўнай прапорцыі з неарганічных (кварцавы пясок, вогнетрывалая гліна і інш.) і арганічных (пілавінне, каменнавугальны пыл) матэрыялаў. Вызначаюцца пластычнасцю, трываласцю, газанепранікальнасцю, вогнетрываласцю. Бываюць адзіныя, абліцовачныя і напаўняльныя.

Адзіную Ф.с. выкарыстоўваюць для вырабу дробных і сярэдніх адлівак, яе цалкам перапрацоўваюць пасля кожнага ўжывання. Абліцовачную Ф.с. выкарыстоўваюць пры вырабе сярэдніх і буйных адлівак для замены часткі сумесі, якая сутыкалася з вадкім металам. Да яе дадаюць свежыя фармовачныя матэрыялы, што павялічваюць вогнетрываласць і газанепранікальнасць формы. Напаўняльнай Ф.с. набіваюць астатнюю частку формы. Адрозніваюць таксама Ф.с. для чыгуннага, стальнога і каляровага ліцця; самацвярдзеючыя (пад дзеяннем кіслот, вуглякіслага газу і інш. дабавак).

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)